Отзыв о походе "Загадки Долины привидений" 11.08-16.08.13 (Галина Первушина, Минск)
МОЙ ПЕРШЫ ГОРНЫ ПАХОДЗIК
Маршрут "Загадки Долины привидений"
З гарамі я пазнаёмілася ў дзяцінстве, калі з бацькамі першы раз у жыцці пабывала ў Крыму. З імі разам мы дайшлі да падгор’я нейкай гары, а далей я паднялася адна. І вось тады, стоячы на вяршыні, вышэй за воблака, я адчула ВОЛЮ. Вецер, сонца і неабсяжны даляглад… Больш нідзе і ніколі я такога не адчувала! Я захварэла на горы. С тых часоў было шмат паходаў па прасторах роднай Беларусі і не толькі. Пешшу,на роварах, на байдарках. Але сэрца цягнулася ў горы. Таму, натрапіўшы ў інтэрнэце на сайт Зов гор, я адразу зразумела, як правяду леташні адпачынак. Выбрала паход “Горы цэнтральнага Крыма” сярэдняга ўзроўню складанасці (вырашыла, што спраўлюся, бо да паходнага жыцця прызвычаена), вызначылася з датамі, праглядзела апісанне маршрута, адправіла заяўку на ўдзел і пачала лічыць дні. Ніякіх праблемаў з арганізатармі паходу не было, што вельмі парадавала. Было лёгка трымаць з імі сувязь праз электронную пошту, вырашаць пытанні.
…І вось мы на вакзале ў Сімферопале. Мы – чытыры мінчука - прыехалі са стольнага Мінска, суседкі Беларусі. Мая верная смелая сябровачка з мужам і я са сваім жаніхом. (Дарэчы, менавіта ў горным паходзе я да канца пераканалася ў надзейнасці яго мужчынскага пляча і моцы духу. Як у песне Высоцкага…) Мы аб’ядналіся з групай, і ў выніку 12 чалавек на чале з цудоўным кіраўніком Яўгенам крочылі насустрач прыгодам.
Наша група ўключала вельмі розных людзей: тут былі цудоўная дзяўчына Таня і яе бацька з Калінінграда (гэта так цудоўна, пэўна, вандраваць са сваім бацькам, такім актыўным і цікавым!); Саша з Краснадара, якая адна рашылася на гэтую вандроўку, бо ўжо даўно, як і я, марыла пра горы; хлапец і дзяўчына з Ізраіля, аповеды якіх было вельмі цікава паслухаць увечары ля кастра; быў малады чалавек з Масквы, які не развітваўся са сваім “фотаружжом”і ў захапленні шукаў цікавыя ракурсы. І канешне праваднік, наш вясёлы, надзейны, дабразычлівы Яўген! Спартсмен, турыст са стажам. Вечарамі ля кастра мы слухалі яго цікавыя “байкі” - як жа без гэтага?!
Вось у такім пазітыўным акружэнні я і сустрэлася з Імі – Крымскімі Гарамі. Першага пад’ёма я амаль не заўважыла. Бо я “ляцела”! Праўда трохі спыняў набіты заплечнік, але дабраўшыся да першай вяршыні, я запамятала і пра яго. ВОЛЯ і ВЕЦЕР!
І здзіўленне: як жа мы сюды падняліся, на такую вышыню?! Здаецца жа ішлі па сцяжыне з сярэднім ухілам, а неўзабаве на такую гару падняліся! А Яўген ужо далей паказвае: ”Да вечара мы дойдзем в-у-у-унь туды, да той гары, заўтра падымемся ву-у-унь на тую, паслязаўтра…” А мне не верылася. Няўжо гэта рэяльна? Потым, забіраюбчыся на чарговую гару і пазіраючы на тыя, што мы ўжо “утаймавалі”, я пачынала верыць у нашы моцы.
Што мяне здзівіла ў паходзе – гэта вялікая колькасць крынічак. У нас на кожнай стаянцы і амаль на кожным прывале была халодная чыстая крынічная вада. Вось, дзе нараджаюцца рэкі і …вадаспады! Так! Мы бачылі два раўчукі, якія набіралі моцы, беглі па лесе, а потым ператварыліся ў сапраўдныя вадаспады. Адзін з іх – Джур-джур, дасціпны для наведвання турыстамі, вышынёй дзесьці 10 метраў. А пачынаецца ён з маленькага раўчука, бяжыць па камнях і галінках, прыпыняецца на палянах, ствараючы маляўнічыя затокі, мінівадаспадзікі, “ванначкі” з ледзяной чысцюткай вадзічкай. Як жа гэта прыгожа!
А якія ж незвычайныя і разнастайныя траўкі – красачкі ў гарах! Растуць яны прыгожымі рознакаляровымі дыванамі пераважна жоўценькага сонечнага колера. Усе водары на вышыні здаюцца больш насычанымі і моцнымі. Водар гэты прываблівае прыгожых лёгкіх вялікіх матылькоў, паважных махнатых чмялёў. Ляцяць яны на кветачкі-меданосы за салодкай спажывай. Найбольш кветак-калючак, сухацветаў, букецік якіх упрыгожваў тады мой заплечнік і зараз стаіць у вазачцы, нагадвае мне летнія прыгоды. А пах лаванды ў маім пакоі вяртае мяне на палянку з маленькіх сініх кусцікаў, што напаткалі мы аднойчы. Які водар! І ніякіх духоў не трэба. А гарбату цяпер п’ю я выключна з горным шалфеем і мятай. Жмуткі якіх я прыхапіла з горных вяршынь, каб каратаць доўгія зімовыя вечары, плануючы новую сустрэчу з гарамі.
…Апошняя начоўка на маршруце запомнілася мне больш за ўсё. Каля горнага возера на фоне вяршынь, з якіх мы спусціліся, у суседстве з вінагаднікам. На старых закінутых частках якога мы назбіралі цэлы мех ягад. Уранку ў нас быў развітальны сняданак: сапраўдны вінагардны сок і торцік. Яго мы прагатавалі па эксклюзіўнаму рэцэпту нашага правадніка з печыва, сгушчонкі, фінікаў, цукатаў, што засталіся з агульнага пайка. М-м-м-м-м… смаката!..
Вось такія думкі-ўспаміны аб горным паходзе грэюць мне зараз сэрца, напаўняюць моцамі і энергіяй. Няма ў маім аповедзе дакладных назваў, лічбаў, кіламетража. Прабачце. Але ж колькасць клічнікаў і шматкроп’яў скажа Вам болш за сухія дадзеныя. Сустрэча з гарамі – гэта непаўторна і казачна заўсёды! А калі ўсё так добра арганізавана, дакладна разлічанаа, то сустрэча гэта робіцца сапраўдным адпачынкам, вартым таго, каб патраціць на яго частку отпуска.
Шчырае дзякуй усім арганізатарам пахода, нашаму правадніку Яўгену і нашай групе!!! І канешне Крымскім гарам!
Галіна
Написать комментарий